БАРАНАВЫХ СЫМОН — Отдел по работе с детьми Узденской ЦРБ

БАРАНАВЫХ СЫМОН

(01.09.1900 10.11.1942)

    Сымон Якаўлевіч Баранавых  нарадзіўся ў вёсцы Рудкова Уздзенскага раёна 1 верасня 1900 года. Сапраўднае яго прозвішча было Баран. Сымонавы бацькі былі малазямельнымі сялянамі. Змалку зведаў ён цяжкую вясковую працу. У сямігадовым узросце  стаў пастухом, пасля батрачыў. І хоць меў прагу да кніг, да 20 гадоў атрымаў толькі пачатковую адукацыю.

        У 1920 годзе прызвалі ў Чырвоную Армію. Вось тады пісар і памяняў яму прозвішча на Баранаў. Ці па звычайнаму недагляду, а мо палічыў, што Баран гучыць немілагучна. У войску Сымон праслужыў тры гады: як кулямётчык удзельнічаў у баях з белапалякамі, быў паранены. Пасля дэмабілізацыі  вярнуўся ў родную вёску. Працаваў у сельсавеце, з’яўляўся членам камітэта ўзаемадапамогі, загадваў хатай-чытальняй. Стаў і актыўным селькорам, дасылаючы ў сталічныя рэдакцыі допісы, карэспандэнцыі. Але разумеў, што трэба вучыцца далей. Таму і падаў у 1925 годзе заяву на рабфак Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

            Тут у поўную сілу разгарнулася актыўная, дзейсная натура Сымона. Ён ўваходзіў у рэдкалегію насценнай газеты «Голас рабфакаўца», прымаў удзел у выпуску вуснай газеты, у мастацкай самадзейнасці. Усе, хто ў той час бачыў Сымона на сцэне, прадказвалі яму шлях артыста. Аднак літаратура была першым і адзіным захапленнем Сымона.  Скончыўшы ў 1928 годзе рабфак, паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ.

             Універсітэт Сымон Баранавых скончыў у 1931 годзе. Пасля размеркавання трапіў у Беларускі радыёцэнтр, пасля быў адказным сакратаром рэдакцыі часопіса «Беларусь калгасная», працаваў у бібліятэцы Дома пісьменніка. Яшчэ ў 1928 годзе малады аўтар стаў членам Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. У 1933 годзе ўвайшоў у Беларускую асацыяцыю сялянскіх пісьменнікаў. Аднак на першым плане была творчая праца, таму Баранавых хутка развітваецца са службай, цалкам аддае сябе прозе.

          На жаль, яго творчасць была непрацяглай. Ноччу 3 лістапада 1936 года Сымона Баранавых арыштавалі, назвалі ворагам народа. Абвінаваўчае заключэнне атрымаў амаль праз год, 2 кастрычніка 1937 года. Спецыяльная калегія  Вярхоўнага суда БССР асудзіла 4 кастрычніка 1937 года Баранава-Баранавых Сымона Якаўлевіча па артыкулах 72, 76, 145 тэрмінам на 10 гадоў выпраўленча-працоўных лагераў і пяць гадоў пазбаўлення ўсіх правоў. Выслалі ў Новасібірскую вобласць, а адтуль — на Калыму. Там пісьменніка і напаткала заўчасная смерць. Сымона Якаўлевіча не стала 10 лістапада 1942 года. Рэабілітаваны ў 1954.

               Няма Сымона Баранавых – няма (страшнае супадзенне) і яго роднай вёскі. Рудкова было спалена нямецка-фашысцкімі   захопнікамі ў студзені 1943 года разам з жыхарамі. А творы С.Баранавых засталіся і без іх будзе няпоўнае наша ўяўленне аб нацыянальнай літаратуры канца 20-30-х гадоў.

          Першыя апавяданні Сымона Баранавых, а іх каля дваццаці, апублікаваны ў газетах «Чырвоная змена», «Савецкая Беларусь», часопісах «Маладняк», «Беларускі піянер», «Іскры Ільіча». Гэта своеасаблівыя, блізкія да нарысаў, рэалістычныя замалёўкі сялянскага побыту.

          У 1927 годзе ў «Чырвонай змене» выступіў з апавяданнем «У млыне». Не прымусіла сябе чакаць і першая кніга — ёй стаў зборнік апавяданняў «Злосць», выдадзены ў 1930 годзе.

          Ад апавяданняў Баранавых хутка перайшоў да аповесцяў. Першая з іх — «На абрэзках зямлі» — была змешчана ў часопісе «Маладняк» у 1928 годзе. У далейшым даў твору іншую назву — «Чужая зямля».

       Пасля «Чужой зямлі» С. Баранавых напісаў аповесці «Межы» і «Новая дарога», тэматычна звязаныя з першай. Атрымалася свайго роду трылогія. Пісьменнік паэтапна прыглядаўся да працэсаў абуджэння вёскі — сацыяльнае расслаенне яе перад вялікімі сацыяльнымі зрухамі у «Чужой зямлі», пачатак калектывізацыі ў «Межах», размах калектывізацыі ў «Новай дарозе».

        Сама эпоха з яе супярэчлівасцю і драматызмам вызначыла задуму рамана «Калі ўзыходзіла сонца». Пісьменнік збіраўся паказаць «нацдэмаў, як прадажных сабак». Пры гэтым расказваў пра жыццё невялікага беларускага гарадка ва ўмовах белапольскай акупацыі. Праз вобразы галоўных герояў ён адлюстроўвае само адраджэнне народа, яго імкненне да нацыянальнага разняволення. У 1936 годзе першая кніга рамана была завершана, але свет пабачыла толькі ў 1957 годзе.

          Пісаў Сымон Баранавых і для дзяцей. Апавяданні «Адступленне», «Два кастры», «Фантазія», «Парадны камандзір», «Хлопчык Петручок» друкаваліся ў дзіцячых часопісах. Асаблівай папулярнасцю ў тагачаснага чытача карысталася аповесць «Пастка». Час дзеяння аповесці — першыя паслярэвалюцыйныя гады, калі кантрасты старога і новага ў вёсцы сталі надзвычай рэзкімі.

       Сымон Баранавых быў пісьменнікам па прызванні, таму і жыў новымі творчымі планамі. Нават у ссылцы сачыў за творчым жыццём на Беларусі. Трагічны лёс не дазволіў ажыццявіць творчыя планы. Але і тое, што ён паспеў зрабіць, ставіць яго імя побач з лепшымі пісьменнікамі таго часу. Апавяданні, аповесці, раман Сымона Баранавых — самабытная, цікавая і яркая старонка ў развіцці нацыянальнай літаратуры.

Бібліяграфічны спіс літаратуры аб жыцці і творчасці

 

  1. Баранавых, С. Мая аўтабіяграфія / С. Баранавых // Вытокі песні: аўтабіягр. беларус. пісьменнікаў. – Мінск: Маст. літ., 1973. – С.19-21
  2. Баранавых Сымон // Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 4. – Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1993. – С. 321
  3. Баранавых Сымон // Беларускія пісьменнікі (1917 – 1990): даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі; нав. рэд. А.Л. Верабей. – Мінск: Маст. літ., 1994. – С.44
  4. Баранавых Сымон Якаўлевіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Е.1. – Мінск : Беларус. Энцыкл. імя П.Броўкі, 2010. – С.463.
  5. Баранавых Сымон //  Памяць: гіст. – дакум. хроніка Уздзенскага раена. – Мінск: БЕЛТА, 2003. – С.130-131
  6. Вішнеўскі, А. “У мяне вельмі многа планаў”: [да 100-годдзя з дня нараджэння Сымона Баранавых] / А. Вішнеўскі // ЛіМ. – 2000. – 15 верас. – С.7.
  7. Віяленцій, В. Ненапісаная эпапея: [да 90-годдзя з дня нараджэння С. Баранавых] / В. Віяленцій // Чырвоная зорка. – 1990. – 13 вер.
  8. Казека, Я. Старонкі біяграфіі Сымона Баранавых / Я. Казека // Маладосць. – 1975. – №1. – С.169-171.
  9. Казека, Я. Сымон Баранавых / Я. Казека // Голас часу / Я. Казека. – Мінск: Маст. літ., 1975. – С.104-112.
  10. Марціновіч, А. Сумленны грамадзянін Баранавых…/ А. Марціновіч // Беларуская думка. – 2000. – №9. – С.39-46.
  11. Марціновіч, А. Сумленны грамадзянін Баранавых…/ А. Марціновіч // Дзе ж ты, храм праўды? / А. Марціновіч. – Мінск, 1996. – С. 386-396.
  12. Хведаровіч, М. Мой добры, мілы сябра / М. Хведаровіч // ЛіМ. – 1980. – 31 жн.
  13. Хведаровіч, М. Пра Сымона Баранавых / М. Хведаровіч // Незабыўнае / М. Хведаровіч. – Мінск: Маст. літ.,1976. – С.109-118
  14. Шырко, В. Рэвалюцыяй дэмабілізаваны / В. Шырко // Дарагія мае землякі / В. Шырко. – Мінск, 1991. – С.97-105
Бібліяграфічны спіс твораў аўтара
  1. Баранавых, С. Дзве аповесці / С.Баранавых. – Мінск: Беларусь, 1967. – 315 с.: іл.
  2. Баранавых, С.Калі ўзыходзіла сонца: раман / С.Баранавых. – Мінск: Дзяржвыд БССР, 1957. – 202 с.
  3. Баранавых, С.Межи. Новая дорога: повести / С.Барановых. – Минск: Маст.літ., 197 – 256 с.
  4. Баранавых, С.Не пашанцавала: апавяданне / С.Баранавых. – Мінск 1987. – С.447 – 491.
  5. Баранавых, С.Новая дарога: апавяданні, аповесці, раман, лісты / С.Я. Баранавых. – Мінск: Маст. літ.,1989. – 606 с.
  6. Баранавых, С.Пастка / С.Баранавых . – Мінск: Дзяржвыд БССР, 1958. – 71 с.