ГУРСКІ ІЛЬЯ — Отдел по работе с детьми Узденской ЦРБ

ГУРСКІ ІЛЬЯ

(26.04.1899 – 11.08.1972)

Нарадзіўся Ілья Данілавіч Гурскі 26 красавіка 1899 года ў вёсцы Замосце. Вёска размяшчалася тады часткова на балоце, а часткова – на пясках. У замасцян свайго хлеба хапала толькі да Каляд, а потым даводзілася думаць, як пражыць. Гурскія неяк перабіваліся, бо яны мелі залатыя рукі – маці, як ніхто ў наваколлі, ткала надзвычай прыгожыя сурвэткі, абрусы, ручнікі, а бацька, што ні возьме, тое зробіць: ён быў і сталяром, і кавалём, і муляром, і рымарам.

         Змалку Ілья Гурскі адчуў тую сацыяльную і нацыянальную няроўнасць, якая панавала ў тагачасным грамадстве. Аб гэтым не раз гаварыў таленавіты вясковы казачнік дзядзька Андрэй, які амаль кожны вечар заглядаў на агеньчык да іх у хату. Гэтаму спрыялі беларускія народныя песні, а таксама першая настаўніца, якая прывівала сваім вучням любоў да роднага краю, сваёй мовы, культуры і літаратуры. Пачуццё нянавісці да пануючых класаў у яго яшчэ больш абвастрылася, калі ён пазнаёміўся з творамі Янкі Купалы і Якуба Коласа, якія сталі для яго настольнымі кнігамі на працягу ўсяго жыцця.

         У чатырнаццацігадовым узросце Ілья Гурскі пачаў сваё самастойнае жыццё – батрачыў у маёнтку памешчыка. Яго браты ў той час працавалі плытагонамі на Нёмане. Першапачатковую адукацыю Ілья Данілавіч атрымаў у Магільнянскай народнай школе, дзе за кароткі час прачытаў амаль усе кнігі, што меліся ў бібліятэцы.

         Сваё пятнаццацігоддзе юнак сустрэў у Петраградзе, куды накіраваўся ў пошуках работы. У 1916 годзе Ілья Гурскі працаваў ужо качагарам на вядомым Абухаўскім заводзе. Там жа ён быў прыняты ў члены РСДРП(б).

         Апынуўшыся ў рабочым асяроддзі, Ілья Гурскі інакшымі вачамі пачаў глядзець на жыццё, пачаў ясней разумець і ўсведамляць сутнасць, прычыны сацыяльнай няроўнасці тагачаснага грамадства.

         У Петраградзе ён часцяком бываў у Эрмітажы, дзе пазнаёміўся з цудоўнымі шэдэўрамі мастацтва лепшых майстроў свету, зачытваўся творамі Пушкіна, Лермантава, Гогаля, Горкага і іншых вядомых пісьменнікаў. Усё гэта пашырала яго кругагляд і пакінула незабыўны след у яго чулай і ўражлівай душы.

         Ілья Гурскі не раз удзельнічаў у масавых мітынгах і паступова становіцца на шлях рэвалюцыйнай барацьбы. Важнай вехай у яго жыцці з’явіўся ўдзел у Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі.

         У 1919 годзе І.Д.Гурскі быў накіраваны партыяй бальшавікоў у рады Чырвонай Арміі. Ваяваў супраць войск Дзянікіна, быў камісарам роты, удзельнічаў у баях на Паўднёвым і Заходнім франтах, пад Растовам-на-Доне быў паранены, пасля – зноў баі грамадзянскай вайны. І толькі ў 1924 годзе І.Д.Гурскі быў дэмабілізаваны з арміі.

         З 1924 года па 1932 год І.Д.Гурскі працаваў у Наркамасвеце БССР і адначасова вучыўся на рабфаку, а пасля і на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні БДУ, якое скончыў у 1932 годзе. Затым была вучоба ў аспірантуры Акадэміі навук Беларусі, а па заканчэнні яе ў 1935 годзе і ажно да пачатку Вялікай Айчыннай вайны І.Д.Гурскі рэдагаваў газету “Літаратура і мастацтва”. У гэты час І.Гурскі паступова пераходзіць на прозу, яго ўвагу прыцягвае ваенна-патрыятычная тэма. Піша ён пра тое, што найбольш сэрцу блізка, што добра ведае, апавядаць пра што лічыць сваім пісьменніцкім і грамадзянскім абавязкам.

         У 1939 годзе, у час вызвалення Заходняй Беларусі, ён быў зноў прызваны ў Чырвоную Армію, працаваў адказным сакратаром вайсковай газеты “Беларуская звязда”. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны да лістапада 1942 года І.Д.Гурскі з’яўляўся супрацоўнікам рэдакцыі газеты “Красноармейская правда”, а пасля – адказным сакратаром газеты “За свободную Белорусь” і сатырычнага часопіса “Партызанская дубінка”.

         Пасля вызвалення роднай бацькаўшчыны ў 1944 годзе і да 1960 года, да выхаду на пенсію, Ілья Данілавіч працаваў галоўным рэдактарам часопіса “Беларусь”. Многія з пісьменнікаў, хто тады толькі ўваходзіў у літаратуру, адчулі на сабе яго клапатліва-патрабавальную падтрымку і ўвагу.

         Творчая дзейнасць Ільі Данілавіча Гурскага, як пісьменніка, распачалася ў 1927 годзе з драматургіі, калі ўпершыню была надрукавана яго п’еса “Новым шляхам”, а затым п’еса “Дрыгва”(1928). Чаму гэта так сталася, сведчыць прызнанне самаго аўтара:

         “Я лічу драматургію самым дзейсным сродкам выхавання мас, а сваю дзейнасць разглядаў як форму палітычнай дзейнасці. Мне хацелася не толькі адлюстраваць галоўныя працэсы, якія адбываліся ў грамадстве таго часу, але сродкамі мастацтва памагчы партыі ў здзяйсненні яе вялікіх мэт, у імя якіх рабілася рэвалюцыя”.

         Ім напісаны такія цікавыя п’есы, якія з’явіліся значным укладам у беларускую драматургію, як “Сварка”, “Качагары”, “Патрыёты”, “Маці”,  “Бальшавіцкая вясна” (пазней назва “Вясна”), “Новы горад”, “На крэсах усходніх”, “Сваты”, “На варце”, “Скарб”, “Свае людзі”, “Хлеб” і іншыя.

         У п’есах “Новым шляхам”, “Дрыгва”, “Качагары” і іншых пісьменнік імкнуўся раскрыць імклівы наступ мірных будняў, паказаць, як у стваральнай працы гартуецца чалавек.

            Многае зроблена пісьменнікам і ў галіне мастацкай прозы. У пасляваенныя гады выходзяць зборнікі яго апавяданняў “Над Нёманам”, “На родных гонях”, “Зары насустрач”, “Неспакойныя характары”, “У вялікай дарозе”, “Родная дарога”, галоўнае месца ў якіх займаюць падзеі Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннага будаўніцтва, паказваецца гераізм , мужнасць, маральная чысціня савецкага чалавека – воіна і будаўніка.

            Ім жа самім тады былі складзены зборнік апавяданняў для дзяцей “На берагах Нявы”, напісаны аповесць “Лясныя салдаты”, раман “У агні”, хроніка “Вецер веку”, “Чужы хлеб”.

            Памёр Ілья Данілавіч Гурскі 11 жніўня 1972 года.

Бібліяграфічны спіс твораў аўтара
  1. Гурскі, І. Ветер века: роман-хроника/ Илья Гурский; пер. А.Миронова. – Минск: Беларусь, 1968. – 543 с.
  2. Гурскі, І.Вецер веку: раман-хроніка/ Ілья Гурскі.-Мінск: Беларусь, 1966. – 688 с.
  3. Гурскі, І.Выбраныя творы/ Ілья Гурскі. – Мінск: Дзяржвыд БССР, 1951. – 720 с.
  4. Гурскі, І.Дрыгва: п’еса / І. Гурскі. – Мінск: Белдзяржвыд, 1928. – 120 с.
  5. Гурскі, І.Зары насустрач: апавяданні/ Ілья Гурскі. – Мінск: Дзяржвыд. БССР, 1949. – 130 с.
  6. Гурскі, І.Лясныя салдаты: апавяданні і аповесці/ Ілья Гурскі. – Мінск: Маст. літ., 1979. – 560 с. – (Б-ка беларускай прозы).
  7. Гурскі, І.На берагах Нявы: апавяданні/ Ілья Гурскі; іл. М.Л.Бельскага. – Мінск: Маст. літ., 1977. – 111 с.
  8. Гурскі, І.На родных гонях: апавяданні/ Ілья Гурскі. – Мінск: Дзяржвыд БССР, 1948. – 118 с.
  9. Гурскі, І.Расцвілі вішні: апавяданні/ Ілья Гурскі. – Мінск: Маст. літ., 1989. – 311 с.
  10. Гурскі, І.Родная дарога: апавяданні/ Ілья Гурскі; іл. Ю.У.Пучынскага. – Мінск: Вучпедвыд БССР, 1961. – 210 с. – (Школьная б-ка).
  11. Гурскі, І.У агні: раман/ Ілья Гурскі. – Мінск: Дзяржвыд. БССР, 1952. – 513 с.
  12. Гурскі, І.У вялікай дарозе: апавяданні/ Ілья Гурскі. – Мінск: Дзяржвыд БССР, 1958. – 226 с.
  13. Гурскі, І.Чужой хлеб: роман-памфлет/ Илья Гурский; пер. А.Тонкеля. – М.: Сов. Писатель, 1974. – 327 с.
  14. Гурскі, І.Чужы хлеб: раман-памфлет/ Ілья Гурскі. – Мінск: Беларусь, 1971. – 333 с.
Бібліяграфічны спіс літаратуры аб жыцці і творчасці
  1. Аляксееў, М. Салдат рэвалюцыі/ М.Аляксееў// Полымя. – 1978. — №2. – С. 220-223.
  2. Брыль, Я. Тая сустрэча / Янка Брыль  //  Збор твораў: У 5 т.Т.4 / Я. Брыль. – Мінск, 1981. – С.475-477.
  3. Вітка, В. З верай і шчырасцю / В.Вітка // Урокі: артыкулы, выступленні, нататкі / В. Вітка. – Мінск, 1982. – С.90-92.
  4. Герцовіч, Я. Вернасць прызванню: [70 год з дня нараджэння І.Гурскага]/ Я.Герцовіч// Полымя. – 1969. — №4. – С.233-237.
  5. Грамовіч, І. У сховах памяці / І. Грамовіч // У сховах памяці і сэрца/ І. Грамовіч. – Мінск, 1983. – С. 90-97.
  6. Гурский Илья // На истоках неманских / В.Н. Киселев. – Мінск, – С.71-72.
  7. Гурскі Ілья // Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр.слоўнік.: У 6 т. Т.2. – Мінск,1993. – С.285-290.
  8. Гурскі Ілья // Беларускія пісьменнікі: даведнік. – Мінск,1994. –  С.159-160.
  9. Гурскі Ілья Данілавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.5. – Мінск, – С.537.
  10. Гурскі Ілья Данілавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Т.3. – Мінск : Беларус. Энцыкл. імя П.Броўкі, 2012. – С.312.
  11. Гурскі Ілья Данілавіч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Уздзенскага раёна.  – Мінск, – С.507-508.   
  12. Гурскі Ілья Данілавіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т. Т.2.– Мінск, – С.234.
  13. Драчан, А. Выпрабаванні часам і жыццём/ А.Драчан// Чырвоная зорка. –1999. – 24 крас.
  14. Ілья Данілавіч Гурскі беларускі савецкі пісьменнік: [85 год з дня нараджэння І.Гурскага] // Полымя. – 1984. — № 4. – С. 221-222.
  15. Кавалёў, П. След ў жыцці і ў сэрцы/П. Кавалёў // На ўсё жыццё: нарысы, успаміны / П. Кавалёў. – Мінск, 1986. – С.206-212.
  16. Камінскі, М. Няма мяжы фантастыкі/ М.Камінскі// ЛіМ. – 1972. – 10 сак. – С. 12-13. – Рэц. на кн.: Гурский, И.Д. Ветер века/ Илья Гурский. – Минск: Беларусь, 1968. – 543 с.
  17. Кісялёў, У.М. Край творцаў… / У.М. Кісялёў // Наднёманскімі пуцявінамі // У.М. Кісялёў. – Мінск, 2009. – С.296
  18. Лазар, М. Сям’я Гурскіх : біяграфія / Міхаіл Лазар // Чырвоная зорка. – 2006. – 25 сак. – С.3.
  19. Лужанін, М. Чалавек справядлівай дабраты / М. Лужанін // Трое: аповесць, апавяданні, эсэ. / М. Лужанін – Мінск, 1989. – С.378-384.
  20. Марціновіч, А. Яго жыццё, яго біяграфія: [100 год з дня нараджэння І. Г ] / А. Марціновіч // ЛіМ. – 1999. – 30 крас.
  21. Успаміны пра Ілью Гурскага / [Склад. і заўв. М.Я. Гурскай]. – Мінск: Маст. літ., 1985. – 191 с., 4л. іл.
  22. Хведаровіч, М. Пісьменнік-камуніст / М. Хведаровіч // Незабыўнае / М. Хведаровіч. – Мінск: Маст. літ., 1976. – С.89-100.
  23. Цитович, Г. Из книги «Воспоминания об Илье Гурском»/ Г.Цитович// Беларусь. – 1999. — № 4. – С.40.
  24. Шушкевіч, С. Ён быў рад “Беларусі”/ С.Шушкевіч// Беларусь. – 1989. — № 10. – С. 25.
  25. Шышчук, В. Незабыўная сустрэча: [75 год з дня нараджэння І.Гурскага / В.Шышчук// ЛіМ. – 1974. – 26 крас. – С. 5.