Сустрэча Галіны Міхайлаўны Нічыпаровіч, пісьменніцы, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, з выхаванцамі летняга аздараўленчага лагера пачалася з простага пытання: “Чым пісьменнікі пішуць кніжкі?” Адказвалі па-рознаму: і ручкай, і пяром, самыя крэатыўныя ўспомнілі пра камп’ютар, а адзін маленькі вундэркінд заявіў пра “спецыяльную машынку, на якой друкуюць”. Галіна Міхайлаўна пачала аповяд пра сваё жыццё і творчасць здалёку, з дзіцячых гадоў. За менш як гадзіну адведзенага часу дзеці першага і другога атрадаў паспелі шмат: паглядзець выставу кніг “Хвілінкі-весялінкі ад бабулі Галінкі”, паслухаць і пачытаць услых, адказаць на пытанні экспромт-віктарыны, падзівіцца смешным вершам у новай кніжачцы “Домашние любимцы”, расказаць пра сваіх дамашніх коцікаў-сабачак, разгадаць загадкі. Адказ на пытанне, якое прагучала ўпачатку, знайшлі разам з Галінай Міхайлаўнай. На развітанне Галіна Міхайлаўна падарыла кожнаму ўдзельніку на памяць свой верш з салодкім сюрпрызам.





