"У мінулае на машыне часу"
гульня-падарожжа
27 мая ў г. Узда праходзіла V раённае свята дзіцячай народнай творчасці “З крыніцы песня льецца”. Дзіцячая бібліятэка арганізавала для юных аматараў кнігі гульню-падарожжа “У мінулае на машыне часу”.
Хто не марыў у дзяцінстве трапіць на машыне часу ў будучае ці мінулае. Дзіцячая бібліятэка дала такую магчымасць кожнаму ўдзельніку свята. Трапіць у мінулае можна было паасобку, з дарослымі і з сябрамі. Кожны з удзельнікаў, а іх было шмат, павінен быў, перш за ўсё, назваць пяць прозвішчаў беларускіх пісьменнікаў ці паэтаў. І толькі тады ён атрымоўваў маршрутны ліст, у якім былі ўпісаны станцыі падарожжа: “На рыбалцы”, “Хвілінкі роднай мовы”, “На паляванні”, “Ехаў поўны воз дзівос” і “Пісьмо з мінулага”.
Прайшоўшы праз машыну часу, дзеці зразу траплялі ў атмасферу гульні.“На рыбалцы” ім трэба было вылавіць вудачкай пяць слоў-асацыяцый і адгадаць загаданае слова. Як толькі заданне было выканана, удзельнік атрымліваў залік у маршрутны ліст і літару з пароля, назваўшы які ў канцы падарожжа, дазваляў яму вярнуцца ў цяперашні час.
“Хвілінкі роднай мовы” сталі сапраўдным выпрабаваннем знаўцаў беларускай мовы. На малюнкі, размешчаныя на аркушы паперы, трэба было наклеіць адпаведныя словы.
Ні кожны ўдзельнік, праходзячы іспыт “На паляванні”, атрымаў літару і залік. Каб атрымаць станоўчы вынік, трэба было збіць фігуркі звяроў, але толькі тых, якія не занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
На станцыі “Ехаў поўны воз дзівос” дзеці адгадвалі загадкі і пытанні віктарын, звязаных з мінулым Беларусі.
Атрымаўшы з рук вядучага “Пісьмо з мінулага”, удзельнікі не разумелі што гэта за набор сімвалаў. Але як толькі атрымоўвалі падказкі з расшыфроўкай літар, то адразу маглі пачытаць павучальныя беларускія прыказкі і прымаўкі.
Склаўшы з атрыманых літар слова-пароль, дзеці зноў заходзілі ў машыну часу і вярталіся туды, дзе пачыналі свой маршрут. На дошцы яны павінны былі напісаць самае цікавае, што ім запомнілася з падарожжа і атрымоўвалі салодкі прыз.


 |