Багата, родная ты мова!
Роднае слова – люстэрка культуры народа, яго духоўнае аблічча. Мова – наша спадчына, якую мы атрымліваем ад бацькоў і павінны перадаць наступным пакаленням.
“Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе. Хто забыў сваю мову – усё згубіў”, – словы Уладзіміра Караткевіча сталі эпіграфам да наступнага мерапрыемства, праведзенага ў рамках Тыдня роднай мовы – інтэлектуальна-пазнавальнай гульні “Багата, родная ты мова!” Гасцямі гэтага мерапрыемства 24 лютага сталі навучэнцы 7 “А” санаторнай школы. Для навучэнцаў была падрыхтавана цікавая і разнастайная праграма. Далучыцца да невычэрпных крыніц народнага мастацтва, літаратуры, узнавіць і пашырыць свае веды пра родную мову дапамагала шасцікласнікам бібліятэкар Г.М. Кірэева. Увазе школьнікаў быў прапанаваны моўны тэст “Словаведы”. Паспрабаваць сябе ў ролі перакладчыкаў хлопчыкі і дзяўчынкі маглі ў гульні “Моўны куфэрак”, узнавіць і пашырыць свае веды пра фразеалагізмы давялося сямікласнікам у раундзе “Крылатая паштоўка”. Задача стаяла нялёгкая: разгадаць малюнак, у якім зашыфраваны фразеалагізм, назваць яго значэнне і прывесці прыклад ужывальнасці яго ў маўленні. Весела і дынамічна прайшоў раунд “Фразеалагічная ўгадайка”, падчас якога з дапамогай мімікі і жэстаў адзін з удзельнікаў каманды паказваў фразеалагізмы, а астатнія – разгадвалі. Узгадалі ўдзельнікі мерапрыемства беларускіх паэтаў і пісьменнікаў падчас задання “Пазнай партрэт пісьменніка”, выступілі знаўцамі беларускіх прыказак і прымавак у гульні “Збяры прыказкі”. Даспадобы прыйшліся шасцікласнікам і вясёлыя загадкі. Час сустрэчы прайшоў вельмі хутка. На развітанне школьнікі паабяцалі часцей ужываць родную мову ў паўсядзённым жыцці.
 |