Хвілінкі-перапынкі
Новы зборнік твораў для дзяцей прэзентавала 27 лютага наша зямлячка, пісьменніца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Галіна Нічыпаровіч. У кнігу ўвайшлі вершы, загадкі, апавяданні, казкі. Сустрэча аўтара з чытачамі адбылася ў чытальнай зале аддзела па рабоце з дзецьмі цэнтральнай раённай бібліятэкі ў рамках правядзення Тыдня роднай мовы.
Удзельнікамі мерапрыемства ў гэты дзень сталі выхаванцы дзіцячага садка №3. Дзеткі з задавальненнем слухалі расповед пісьменніцы, тым больш што тэматыка твораў, сабраных у прэзентаванай кнізе “Хвілінкі-перапынкі” разнастайная: тут і прыгоды хатніх жывёл і лясных жыхароў, і цікавыя з’явы, якія адбываюцца ў прыродзе. Вельмі спадабалася малым разгадваць аўтарскія загадкі. На працягу сустрэчы дзеці дзяліліся сваімі ўражаннямі пра пачутае, задавалі Галіне Міхайлаўне пытанні. Сустрэча падарыла ўсім удзельнікам шмат станоўчых эмоцый і добрага настрою. У дзіцячы садок дзеці вярнуліся з падарункамі ад Галіны Міхайлаўны: кнігамі з аўтографам аўтара.
 |