"Раскажам дзецям пра Слаўковіча"
Тыдзень да 85-годдзя з дня нараджэння Даіра Слаўковіча
Багатая наша Уздзеншчына на таленты. Яна з’яўляецца радзімай цэлай плеяды вядомых пісьменнікаў, паэтаў, вучоных. Гэта П.Трус і К.Крапіва, П.Глебка і А.Якімовіч, А.Бялевіч, Л.Арабей і іншыя. І ў гэтым сузор’і імён – вядомы дзіцячы пісьменнік – Даір Фёдаравіч Слаўковіч.
У гэтым годзе яму споўнілася б 85 гадоў. І ў нашай бібліятэцы пісьменніку-юбіляру быў прысвечаны цэлы Тыдзень юбіляра “Раскажам дзецям пра Слаўковіча”.
Супрацоўнікамі нашай бібліятэкі да юбілею Даіра Фёдаравіча была аформлена кніжная выстава “Дзіцячых сэрцаў уладар”.
Распачалі Тыдзень Слаўковіча з віртуальнага знаёмства “Гартаючы жыцця яго старонкі”. Вучням 4 “А” класа Уздзенскай сярэдняй школы №1 імя А.С. Пушкіна была прапанавана прэзентацыя, якая суправаджалася аповедам пра жыццёвы і творчы шлях былога загадчыка дзіцячай бібліятэкі.

Наступны дзень Тыдня “Падарожжа ў свет нечаканых адкрыццяў” прайшоў для вучняў 4 “А” класа Уздзенскай сярэдняй школы №2 імя К.Крапівы ў форме інтэрактыўнай гульні-падарожжы па кнізе “Фядоскавы канікулы”.
Спачатку вядучая расказала пра жыццё і творчасць Даіра Слаўковіча, затым спынілася на аповесці “Фядоскавы канікулы”. Сам аўтар ў гэтай аовесці праз сваіх герояў задае шмат пытанняў і дае на іх пазнавальныя адказы. Пагэтаму і для вучняў вядучая задавала пытанні з аповесці, на якія дзеці давалі свае варыянты адказаў, а затым звяралі з адказамі аповесці. Хлопчыкі і дзяўчынкі пазналі для сябе шмат цікавага.

Трэці дзень Тыдня быў прысвечаны кнізе Даіра Слаўковіча “Я вярнуся, мама!..”. Вучням 4 класа раённай гімназіі быў прапанаваны літаратурны партрэт “Ваеннае дзяцінства маё”. У час правядзення мерапрыемства дзеці даведаліся пра лёс юнага беларускага героя Косці Будніка. Дзяцінства Даіра Фёдаравіча шмат у чым было падобна на дзяцінства Косці Будніка: ён таксама быў юным партызанам у вялікай арміі беларускіх народных мсціўцаў, не абмінулі яго і партызанскія зямлянкі, і гарачыя баі з карнікамі, і разведка, і прарывы з акружэння...
Падпольшчык, партызанскі разведчык, Косця пражыў кароткае, але яркае жыццё. Яго імя носяць многія піянерскія атрады і дружыны. Косця Буднік навечна залічаны ў спіскі батальёна беларускіх арлянят.

Мерапрыемствы Тыдня прайшлі плённая. Дзеці зацікавіліся жыццём і творчасцю пісьменніка. |