Азбука маленькага беларуса
21 лютага ва ўсім свеце адзначаюць Дзень роднай мовы. Цудоўных моў вельмі многа. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе. Штогод дзіцячая бібліятэка далучаецца да святкавання гэтага свята і ладзіць шэраг мерапрыемстваў, выстаў, каб задавальніць чытачоў з розным густам.
Так для самых маленькіх карыстальнікаў бібліятэкі 23 лютага была арганізавана сустрэча з пісьменніцай, нашай зямлячкай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Г.М. Нічыпаровіч. Галіна Міхайлаўна дасканала прадумала сваё выступленне, бо сённяшнія слухачы асаблівыя − маленькія выхаванцы раённага цэнтра развіцця дзіцяці “Вясёлка”. І хоць чытаць яшчэ самі не ўмеюць, па ўсім відаць, з кніжкай сябруюць. Уважліва слухалі хлопчыкі і дзяўчынкі Галіну Міхайлаўну, калі яна знаёміла іх са сваімі творамі – вершамі, кароценькімі апавяданнямі, загадкамі. Асабліва радасна сустракалі выхаванцы дзіцячага садка героя твораў пісьменніцы Ката-варкота. Ён таксама завітаў на сустрэчу, расказаў пра свае любімыя кніжкі і загадаў вясёлыя загадкі. Час сустрэчы праляцеў непрыкметна.
У знак удзячнасці выхавальнікі дзіцячага садка падарылі Галіне Міхайлаўне памятны сувенір. А пісьменніца ў сваю чаргу прэзентавала садку свае кнігі з аўтографам.
 |